ср

14

чц

15

пт

16

сб

17

ндз

18

пн

19

аўт

20

ср

21

чц

22

пт

23

сб

24

ндз

25

пн

26

аўт

27

Месца: Мастацкая галерэя Міхася Савіцкага , Мінск

Выстава мастакоў дынастыі Шапо

15 лістапада - 16 снежня

15 лістапада а 18:00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё выставы мастакоў дынастыі Шапо. Выстава прысвячаецца Году малой радзімы.

Прафесійная дынастычная пераемнасць ва ўсе часы мела велізарную сацыяльную і культурную значнасць. Прафесійная дынастыя - гэта гарант высокай адказнасці і выніковасці працы яе прадстаўнікоў.

Уладзімір Дзмітрыевіч Шапо - заснавальнік творчай дынастыі: трое яго сыноў сталі мастакамі. Жыццёвыя і эстэтычныя ідэалы, творчыя метады Уладзіміра Дзмітрыевіча заўсёды былі для яго дзяцей нагляднай, незаменнай школай усебаковай адукацыі і адпраўным пунктам іх мастацкага і асобаснага станаўлення. Ён заўсёды імкнуўся культываваць у сынах пачуццё ўнутранай свабоды і незалежнасць меркаванняў. Сёння кожны з іх — гэта ўнікальная творчая асоба са сваім бачаннем свету і індывідуальным стылем. Па словах мастака, яны не толькі яго дзеці, але і калегі, аднадумцы ў жыцці і мастацтве.

Уладзімір Дзмітрыевіч Шапо заўсёды падкрэслівае вяршэнства духоўных каштоўнасцей над матэрыяльнымі ў сваёй творчай дзейнасці. Ён — мастак адмысловага складу, глыбока адчувае, непасрэдны ў сваім стаўленні да свету і жыцця, і ў той жа час схільны да інтэлектуальнага і філасофскага разважання над перыпетыямі гісторыі і лёсамі мастацтва. На выставе прадстаўлены яго жывапісныя творы з серыі «Мастакі. Прарокі.»(2000 — 2018г).

У героях партрэтных работ яму, перш за ўсё, важная глыбіня іх унутранага свету. Чалавечая прырода дваістая, лічыць мастак. У душах людзей няма абсалютнага святла, як няма і абсалютнай цемры, ён бачыць у іх проціборства гэтых двух пачаткаў: таму створаныя ім вобразы шматаблічныя, парою фантасмагарычныя.

 Мастак па-свойму інтэрпрэтуе евангельскія сюжэты, шукае адэкватную нашаму часу форму размовы на вечныя тэмы быцця. Яго філасофскія прыпавесці выкладаюцца асаблівай мовай, ўзнёслае ў іх суіснуе з нізінным і гратэскавым. Экспрэсіўнасць пластычнай формы, яркія лакальныя колеры, якія нясуць у сабе сімволіка-сэнсавую нагрузку, надаюць працам асаблівую выразнасць.

Аляксандр Шапо прадстаўляе ў экспазіцыі выставы скульптурныя работы, выкананыя ў бронзе і дрэве і серыю літаграфій.

Творы Аляксандра трывала звязаныя з рэаліямі жыцця, што былі навокал мастака. Але Аляксандр не побытапісальнік і не гісторык, хоць элементы лірычнага апавядання і глыбокая цікавасць да мінулага характэрныя для яго творчасці. Мастак імкнецца раскрыць у той ці іншай жыццёвай падзеі ці сюжэце іх ўсеагульнае гучанне, а ў кожным канкрэтным чалавечым вобразе ўмее выявіць абагульнены характар-тып. Аляксандр любіць працаваць з бронзай, якая дазваляе яму дасягаць свабоднай, амаль імпрэсіяністычнай мадэліроўкі формаў. Наўмысная дэфармацыя пластычнай формы, выразная, даведзеная амаль да гратэску вастрыня сілуэтаў — адметныя асаблівасці яго індывідуальнага стылю. Іншая пластычная манера ўласцівая работам, выкананым у дрэве. Форма становіцца больш абагульненай, набывае манументальнасць і цякучую плыўнасць ліній.

Творчая дзейнасць Паўла Шапо дынамічная і шматгранная. Ён - мастак у шырокім сэнсе гэтага слова: мастак тэатра і кіно, жывапісец-станкавіст, дызайнер інтэр'ераў, сцэнарыст, пісьменнік — аўтар апавяданняў-мініяцюр, тонкіх і выразных па ўменні перадаваць эмацыйны стан лірычнага героя. Усе напрамкі творчай дзейнасці Паўла арганічна звязаныя паміж сабой, непадзельныя.

Літаратурныя вобразы набываюць бачныя формы ў жывапісных творах мастака. У іх тая ж недаказанасць і дзівацтва, хоць эцюдамі іх не назавеш. Спантанная «выпадковасць» кампазіцыйных рашэнняў прадумана выверана. Вызначальная рыса творчасці Паўла — кінематаграфічны погляд на навакольны свет, на сябе ў гэтым свеце, пульсуючая эмоцыямі, пачуццямі, падзеямі. Творы мастака — гэта сцэнар і свайго роду раскадроўка фільма яго ўласнага жыцця.

Экспазіцыя выставы ўключае як ужо вядомыя, так і новыя серыі работ аўтара, якія гледачы яшчэ не бачылі на выставах. Кожная серыя пераплятаецца з аўтарскімі літаратурнымі эцюдамі.

Антон Шапо - малодшы сярод братоў. Уласцівыя яму дынамічнасць жыццёвых і творчых паводзінаў, жаданне «ўвязвацца» у розныя эксперыменты — фамільная рыса членаў творчага клана Шапо. Антон — дырэктар папулярнага ў Мінску тату-салона «У лісіцы», запатрабаваны дызайнер інтэр'ераў. Але самая любімая і жыццёва важная для мастака сфера дзейнасці, якая дазваляе засяродзіцца і ў поўнай меры пагрузіцца ў працэс творчасці, — жывапіс.

Выстава будзе доўжыцца па 16 снежня 2018 г.

У перыяд работы выставы запланаваныя сустрэчы з аўтарамі:

02.12.2018 г., 14:00 — 15:30 — сустрэча з Уладзімірам Дзмітрыевічам Шапо;

09.12 2018 г., 14:00 — 16:00 — сустрэча з Уладзімірам, Аляксандрам, Паўлам і Антонам Шапо.