ср

14

чц

15

пт

16

сб

17

ндз

18

пн

19

аўт

20

ср

21

чц

22

пт

23

сб

24

ндз

25

пн

26

аўт

27

Месца: Беларускі дзяржаўны музей Янкі Купалы, Мінск

«Маладая Беларусь: Асоба і творчасць Янкі Купалы ў гісторыі краіны»

12 лістапада - 12 снежня

12 лістапада 2018 года а 17:00 Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта «Маладая Беларусь: Асоба і творчасць Янкі Купалы ў гісторыі краіны», які прысвечаны 100-годдзю абвяшчэння БССР.

Партнёрамі выставачнага праекта сталі Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Вобраз «маладой Беларусі» паўстаў у творах Янкі Купалы ў час нашаніўскага адраджэння. Ідэал самастойнай краіны для беларусаў і ўсіх народаў, што стагоддзямі жылі побач, быў аднолькава блізкі дзеячам розных палітычных плыняў. Маніфест Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі, які ўрачыста абвясціў Беларусь «вольнай незалежнай Сацыялістычнай Рэспублікай», быў прыняты ў Смаленску і абнародаваны па радыё 1 студзеня 1919 года. Каб асабіста паведаміць знакавую навіну, Янку Купалу наведаў старшыня ураду — Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны). 21 студзеня паэт прыехаў на сталае жыхарства ў Мінск і стаў супрацоўнікам Народнага Камісарыята Асветы, які адказваў за культуру, адукацыю і друк.

На аснове паэтычных і публіцыстычных твораў Янкі Купалы і архіўных дакументаў выставачны праект «Маладая Беларусь» дае новы погляд на дзейнасць Янкі Купалы і яго паплечнікаў, многія з якіх былі літаратарамі. Дзякуючы іх грамадскай і навуковай працы паўсталі Беларускія дзяржаўныя бібліятэка, універсітэт, музей, архіў, тэатр, Інстытут беларускай культуры, быў вернуты з эвакуацыі педагагічны інстытут і закладзена сістэма адукацыі. Паўнамоцнае прадстаўніцтва БССР у Маскве, сярод супрацоўнікаў якога быў паэт Уладзімір Дубоўка, дапамагала тысячам беларусаў атрымаць звесткі пра сваю малую радзіму і вярнуцца ў разбураную вайной «старонку родную», каб аднаўляць бацькаўшчыну.

Ад пачатку асаблівая ўвага надавалася караням. Пра гэта сведчаць творы Янкі Купалы гістарычнай тэматыкі, дакументы са збораў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і артэфакты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: знаходкі з археалагічных раскопак у Заслаўі і фотаздымкі залаў Беларускага Дзяржаўнага музея, зробленыя Львом Дашкевічам.

Выставачны праект «Маладая Беларусь» — магчымасць праз лёс канкрэтных людзей больш даведацца пра першыя гады жыцця БССР, глыбей пазнаёміцца з натхнёным словам Янкі Купалы, скіраваным да сваіх суграмадзянаў у складаных рэаліях побыту 1920-х гадоў.

Выстаўка «Маладая Беларусь» працуе да 12 снежня 2018 года.