ндз

11

пн

12

аўт

13

ср

14

чц

15

пт

16

сб

17

ндз

18

пн

19

аўт

20

ср

21

чц

22

пт

23

сб

24

Месца: Палацавы ансамбль, Нясвіж

Кошт: 2.00 BYN

Гранд-кірмаш у Палацы Радзівілаў

29 верасня

29 верасня Нясвіж запрашае на традыцыйнае восеньскае свята.

Сёлета гэта — «Гранд-кірмаш у Палацы Радзівілаў»!

Гранд-кірмаш адбудзецца ў цэнтральным двары Палаца.

Уваход на кірмаш 2 BYN.

Жыхары і госці Нясвіжа! Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» і Музычны Дом «Класіка» запрашаюць усіх вас на свята кірмашовае ў 20-30-я гг. мінулага стагоддзя, у звычайны суботні дзень, у звычайнае Заходнебеларускае мястэчка Нясвіж! У такую суботу ў кожным мястэчку гудзіць кірмаш. З усіх бакоў люд сцякаецца ў адное цэнтральнае месца: купіць-прадаць-пагуляць-паглядзець, - шум-гам ад гулу, музыкі, забаў і танцаў. Вось так і будзе 29 верасня ў палацы Радзівілаў!

У кірмашы будзе актыўна удзельнічаць Этнакрама «Рагна», якая прывязе унікальныя аўтарскія вырабы звыш 40 беларускіх майстроў — сувеніры і падарункі ў беларускім традыцыйным стылі: кераміка, саламяныя рэчы, лазовыя прылады, вырабы ткацтва і з дрэва, нават металічныя — ліццё і кованку, мыла і шмат-шмат усяго для побыту і дабрабыту, а таксама ўпрыгожванні.

А за смакату на кірмашы адказвае Свята роднай ежы «Усё сваё», якое гэтым разам едзе ў Нясвіж да Радзівілаў! Будзе сапраўднае восеньскае свята ўраджаю ад 20 фермераў і гастраэнтузіястаў са свежым хатнім хлебам, салам, слімакамі, агароднінай, незвычайнымі закаткамі, духмянымі супамі з гарбуза, вяленымі слівамі, травянымі гарбаткамі, сырамі, пасцілой і іншымі прысмакамі для дарослых і дзяцей!

Але будзьце пільнымі, бо тыя часы ў Заходняй Беларусі былі ой «цікавымі» — не трапляйце ў рукі кантрабандыстаў;-), а то яны маюць здольнасці прадаць «тое, што не трэба». А як вы набудзеце «тое, што не трэба» — то і крычыце-завіце потым жаўнераў. Часам кантрабандысты называюць сябе артыстамі Тэатра-фрай і вытвараюць розныя цікавосткі: спяваюць песні, расказваюць байкі, сцэнкі паказваюць, акрабатычныя нумары ды іншыя правакацыі вытвараюць.

Але будзе на кірмашы і легальная кантрабанда ад падпольнай кавярні «Бутлегер» з напоямі для дзяцей і дарослых!

Сустрэнецеся вы і з Альбрэхтам Радзівілам. Як раз у гэты час з Еўропы да яго ў госці прыязджае дачка Эльжбета. Мо і атрымаецца падслухаць якія навіны сям’і ці гісторыі з мінулага.

Музыка, гульні, забавы кірмашовыя ад Васіля «Вясёлага шляхцюка» — усё будзе як і раней, таму чакаем вас!

А галоўным цвіком кірмашовай праграмы стане, бадай што, унікальнейшая сустрэча тэт-а-тэт гледачоў з самымі сапраўднымі драпежнымі птушкамі — філінам і сакаламі! Аніматары сакалінага двара кампаніі «Сокал у небе» правядуць майстар-класы, раскажуць пра сакаліную ахоту, пра амуніцыю для выхавання лоўчых птушак. Госці змогуць прайсці на тэрыторыю, пасадзіць любую з птушак (а іх будзе 5 — філін і чатыры сокалы) на сакальнічыю пальчатку, каб сфатаграфавацца. Усе птушкі прывучаныя да чалавека, яны бяспечныя, неагрэсіўныя.

За музыку і танцы на кірмашы адказная капэла традыцыйнай музыкі «На таку». А турыстычная кампанія «Віаполь» рыхтуе на кірмаш свае незвычайныя сюрпрызы і забавы для ўсіх жадаючых!

І не забудзьцеся, што будзе вельмі добра і цікава для ўсіх нас, калі ў элементах сваёй вопраткі вы паўторыце моду 20-30-х гг. ХХ стагоддзя Заходняй Беларусі.

Пачатак дзеі з адкрыццём музея а 10:00. Заканчэнне а 19:00.

Да сустрэчы ў Нясвіжы!